ТРАЦЦЯКО́ЎСКАЯ ГАЛЕРЭ́Я дзяржаўная, найбуйнейшы ў свеце музей рус. выяўл. мастацтва. Засн. ў Маскве ў 1856 П.М.Траццяковым, у 1892 перададзена ім у дар гораду. Да 1918 наз. Маскоўская гар. маст. галерэя П. і С. Траццяковых. У музеі багацейшы збор іканапісу ўсіх асн. школ стараж.-рус. мастацтва, у т. л. работы Ф.​Грэка, А.​Рублёва, Дыянісія, С.​Ушакова. Захоўваецца жывапіс і скульптура 18—1-й пал. 19 ст. (творы У.​Баравікоўскага, К.​Брулова, А.​Іванава, Дз.​Лявіцкага, Ф.​Рокатава, В.​Трапініна, П.​Фядотава, Ф.​Шубіна), найб. поўны збор работ перасоўнікаў, жывапісцаў і графікаў канца 19 — пач. 20 ст., у т. л. членаў маст. аб’яднанняў «Свет мастацтва», Саюз рус. мастакоў, «Блакітная ружа», «Бубновы валет» і інш. (І.​Левітана, М.​Урубеля, В.​Сярова, В.​Барысава-Мусатава, К.​Каровіна, М.​Рэрыха, А.​Бенуа, К.​Сомава і інш.). У Т.г. прадстаўлены лепшыя ўзоры шматнац. мастацтва 20 ст., творы майстроў авангарда (В.​Кандзінскага, М.​Ларыёнава, К.​Малевіча, М.​Шагала і інш.) і інш. плыней: С.​Герасімава, С.​Канёнкава, П.​Канчалоўскага, П.​Корына, В.​Мухінай, М.​Несцерава, Ю.​Піменава, М.​Сар’яна і інш. У Т.г. захоўваюцца творы бел. мастакоў З.​Азгура, В.​Альшэўскага, Г.​Асташонка, А.​Бархаткова, М.​Басалыгі, Г.​Вашчанкі, В.​Грамыкі, А.​Грубэ, Л.​Давідзенкі, М.​Данцыга, Я.​Жлана, Ю.​Зайцава, Н.​Залознай, Р.​Заслонава, У.​Зінкевіча, Б.​Казакова, А.​Кашкурэвіча, А.​Кішчанкі, Г.​Кобрына, А.​Ксяндзова, А.​Кузняцова, С.​Ларчанкі, А.​Лось, Л.​Марчанкі, А.​Маціевіча, В.​Мурашова, А.​Мятліцкага, М.​Савіцкага, У.​Савіча, М.​Селешчука, У.​Слабодчыкава, А.​Фінскага, Л.​Хобатава, В.​Цвіркі, А.​Шатэрніка, Г.​Шутава, Л.​Шчамялёва.

У Т.г. захоўваецца больш за 50 тыс. твораў мастацтва. У аддзеле рукапісаў (з 1922) — больш за 200 тыс. дакументаў па гісторыі рас. маст. культуры 18—20 ст., асабістыя фонды мастакоў і мастацтвазнаўцаў. Музей рэгулярна праводзіць выстаўкі. Галерэя размешчана ў неаднаразова перабудаваным доме Траццяковых і шэрагу прылеглых да яго будынкаў. Гал. фасад узведзены ў 1900—05 паводле праекта В.​Васняцова. У 1936 завершана 8-зальная прыбудова ў неарус. стылі (арх. А.​Шчусеў). У 1982—96 праведзена генеральная рэканструкцыя: прыбудаваны дэпазітарый (сховішча), інжынерны корпус, перакрыты ўнутр. двары (арх. Г.​Астаф’еў, Б.​Клімаў, І.​Вінаградскі і інш.). У 1986 музею перададзены будынак Дзярж. карціннай галерэі. У комплекс Т.г. ўваходзяць таксама царква Міколы Цудатворца ў Талмачах, на правах аддзелаў-філіялаў — музеі-кватэры А.​Васняцова і Корына, Дом-музей В.​Васняцова, Музей-майстэрня Г.​Галубкінай.

Літ.:

Государственная Третьяковская галерея: Очерки истории, 1856—1917. Л., 1981;

Государственная Третьяковская галерея: История и коллекции. 4 изд. М., 1989.

С.​У.​Пешын.

Траццякоўская галерэя. Галоўны фасад.

т. 15, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)